Изложение: Беларуска-літоўскае летапісанне.

У старажытнасцi, да ўзнiкнення кнiгадрукавання, нашы продкi ўсе найбольш значныя падзеi свайго часу занатоўвалi ў форме летапiсаў. Летапiсы ўяўлялi сабою пагадовыя запiсы аб самых важных падзеях грамадскага, палiтычнага, культурнага i эканамiчнага жыцця краiны. Вельмi часта ў межах летапiсаў змяшчалiся апавяданнi, якiя ў структурна-кампазiцыйным плане можна было б вылучыць у самастойныя творы. Гэта вынiкае з таго, што летапiсы мелi сiнкрэтычны характар: яны ўтрымлiвалi (з пазiцый сённяшняга лiтаратуразнаўства) апавяданнi, аповесцi, легенды, прытчы i мiфы. Праца летапiсца патрабавала вялiкай вытрымкi i адукацыi: на перапiсванне адной кнiгi часам патрабавалася некалькi год. Вось як хораша пiша пра гэта М. Багдановiч у вершы «Летапiсец»:

Душой стамiўшыся ў жыццёвых цяжкiх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскiх мурах.
Тут цiша, тут спакой, — нi шуму, нi клапот.
Ён пiльна летапiс чацвёрты пiша год
I спiсвае усё ад слова i да слова
3 даўнейшых граматак пра долю Магiлёва.

У межах Беларуска-лiтоўскага летапiсу 1446 г. выдзяляюцца самастойныя «Пахвала вялiкаму князю Вiтаўту» i «Аповесць пра Падолле». У апошнiм творы абгрунтоўваецца iдэя аб'яднання ўсходнiх славян у адну дзяржаву — Вялiкае княства Лiтоўскае. Летапiс пачынаецца са звестак аб паходжаннi вялiкiх князёў. Згодна яму, на беларуска-лiтоўскiх землях князi з'явiлiся пасля таго, як рымскi iмператар Нерон выразаў у Рыме шмат патрыцыянскiх сем'яў. Такое тлумачэнне неабходна было для абгрунтавання высокага сацыяльнага паходжання князёў, а таксама для пацверджання таго тэзiсу, што, у адрозненне ад маскоўскiх, лiтоўскiя князi мелi рымскiя каранi. Сярод беларускiх летапiсаў у першую чаргу патрэбна вылучыць Беларуска-лiтоўскi летапiс 1446 г., «Летапiсец Вялiкiх князёў Лiтоўскiх» i Хронiку Быхаўца. Беларуска-лiтоўскi летапiс 1446 г., якi першапачаткова ўзнiк у Смаленску, храналагiчна ахоплiвае час ад сярэдзiны IX да сярэдзiны XV стагоддзя. Шмат увагi ў iм надаецца апiсанню гераiчнага змагання ўсходнеславянскiх плямёнаў з iншаземнымi заваёўнiкамi, а таксама вобразу князя Вiтаўта. «Летапiсец Вялiкiх князёў Лiтоўскiх» апавядае аб жыццi, подзвiгах i дзяржаўных справах вялiкiх князёў ад Мiндоўга да Вiтаўта. Найбольш пранiкнёнымi з'яўляюцца радкi, прысвечаныя князю Вiтаўту, апiсанню росквiту беларуска-лiтоўскай дзяржавы ў часы ягонага княжання. «Летапiсец» лiчыць Вiтаўта найвыдатнейшым i найслаўнейшым дзяржаўным дзеячам за ўсю гiсторыю Вялiкага княства Лiтоўскага:

I быў князь вялiкi Вiтаўт моцным гаспадаром,
I слава аб iм iшла па ўсiх землях,
I мноства князёў i цароў служылi пры ягоным двары.

У гэты ж летапiс уваходзiць i апавяданне аб падзеях, якiя адбывалiся ў Вялiкiм княстве напярэдаднi i пасля заключэння Крэўскай унii 1385 г.: прыгоднiцкая гiсторыя аб уцёках Вiтаўта ў землi Тэўтонскага ордэна пасля гвалтоўнай смерцi Кейстута, шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай Ядвiгай, аб змаганнi Вiтаўта супраць Ягайлы пасля таго, як той прызначыў сваiм намеснiкам не яго, а Свiдрыгайлу. Тут жа змешчана i апавяданне пра знакамiтую Грунвальдскую бiтву 1410 года. У адрозненне ад вышэйзгаданых летапiсаў у Хронiцы Быхаўца гiсторыя дзяржавы выкладзена найбольш поўна. Пачынаецца Хронiка апiсаннем уцёкаў 500 знатных рымскiх сем'яў у Лiтву ад гневу Нерона, а заканчваецца апавяданнем аб разгроме татарскiх войскаў пад Клецкам у 1506 годзе. Акрамя пiсьмовых крынiц аўтар карыстаўся i вуснымi паведамленнямi сваiх сучаснiкаў. Аўтар iмкнецца ўзвялiчыць гiсторыю Бацькаўшчыны, паказаць найбольш светлыя моманты яе слаўнай мiнуўшчыны. Летапiсы, як вядома, нельга аднесцi да лiтаратуры ў сучасным яе разуменнi. Але яны спрыялi ўзнiкненню i развiццю ў беларускай лiтаратуры такiх жанраў, як апавяданне, аповесць i раман. Акрамя таго, у iх у сцiслай i займальнай форме адлюстравана гiсторыя беларускага i лiтоўскага народаў перыяду iх сумеснага жыцця. Таму летапiсы — гэта не толькi каштоўныя лiтаратурныя помнiкi, але i неацэнныя крынiцы пазнання шматвяковай гiсторыi нашай Айчыны, асэнсавання яе ролi i значэння ў гiсторыi еўрапейскiх народаў.

еще рефераты
Еще работы по остальным рефератам